Чароўныя нажнiчкi

крос-культурны музычны дыялог

Крос-культурны музычны дыялог для беларуска-яўрэйскай безгукавай кнастужкi

У межах праекта ў 2023-2024 годзе мастацкі чорна-белы фільм быў агучаны танцавальнымі мелодыямі, знойдзенымі ў літвацкім (мясцовых яўрэяў) і лакальным беларускім рэпертуары, які з’яўляецца яскравай рэфлексіяй на яўрэйскую музычную традыцыю. Раней кінастужка дэманстравалася толькі падчас жывых праглядаў, цяпер яна дасяжная ў інтэрнэце. Вы можаце паглядзець яе ў двух моўных версіях – беларускай і англійскай.

“Чароўныя Нажнічкі” стварылі валанцёры з Клуба гістарычных танцаў у Барысыве яшчэ ў 2018 годзе. Гэта была спроба творчы пераасэнсаваць і захаваць маўклівую памяць пра яўрэйскую культуру месца. Дзе апошнія сведкі мінулага часу – рэшткі гарадской архітэктуры, спецыфічны мясцовы гумар, “жыдоўскія”назвы і ноты ў мелодыях побытавых беларускіх танцаў. І калі здымкі кінастужкі і кінапаказы ўжывую, пад сапраўдную тапёрскую агучку жаночай капэлі былі мастацкім праектам па прасоўванню страчанай яўрэйскай танцавальнай традыцыі, то цяперашні “Дыялог” мае мэтай даследванне культурных сувязяў двух традыцый – беларускай і яўрэйскай. Каб зрабіць бачным мясцовы яўрэйскі рэпертуар, а таксама актуалізаваць крос-культурны падыход да вывучэння беларускай танцавальна-музычнай спадчыны.

Каманда праекта цягам шасці месцаў працавала з нотнымі і гукавымі запісамі з этнаграфічных архіваў даследчыкаў беларускай і яўрэйскай традыцыі, у асноўным, ХХ стагоддзя. У працэсе падрыхтоўкі матэрыяла былі знойдзеныя яўрэйскія зыходнікі некаторых мелодый, што танцаваліся беларусамі ў мінулым стагоддзі і праз сучасную аматарскую этнасупольнасць трапілі ў постфальклорнае асяроддзе – на сённяшнія танцавальныя вечарынкі. Удзельні_цы праекта аднавілі першапачатковую структуру і яўрэйскае гучанне адной з беларускіх мелодый. На гэтым прыкладзе, слухаючы этнаграфічныя арыгіналы з абодвух традыцый і сучасныя версіі выканання, можна пачуць две не падобныя адна на адну, па-свойму арнаментаваныя і вельмі прыгожыя музычныя мовы.

Адначасова з даследчыцкай працай з рэпертуарам, з дапамогай цьютаркі – клезмерскай музыканткі з Фінляндыі – беларускія постфальклорныя музыкі вывучалі асаблівасці выканання ідышскіх танцавальных мелодый і разам з рэжысёркай фільма стваралі музычную прастору бязгукавай кінастужкі. Навучальная частка праекта была падрыхтаваная з улікам адрозненняў беларускай і яўрэйскай традыцый, якія адмыслова і загадзя даследваліся аўтаркамі праекта. Гэта зрабіла магчымым для музыкаў праекту ў кароткія тэрміны і з улікам абранага фармату засвоіць складаны і незнаёмы дагэтуль матэрыял. Заняткі адбываліся ў інтэграванай форме, дзе музыкі знаходзіліся разам у студыі, а цьютарка – анлайн. Відэа нарысы аб навучанні і рэпетыцыях будуць карыснымі для ўсіх, хто цікавіцца яўрэйскай танцавальнай музыкай і мае жаданне пазнаёміцца з мала вядомым літвацкім рэпертуарам. Гэта таксама каштоўны дакумент даследчай і творчай працы з этнаграфічным матэрыялам.

Праект падтрыманы Праграмай EU4Culture (Гётэ Інстытут) і рэалізаваны у 2023-2024 гг.