Мы пачалі свае пошукі крос-культурных сувязяў беларускага і ідышскага рэпертуара задоўга да пачатку гэтага праекта. Паасобку і разам. На танцпляцах, у экспедыцыях, у беларускай і ідышскай супольнасцях. Але цягам стварэння саўндтрэка для фільма “Чароўныя Нажнічкі” мы сутыкнуліся з цікавымі пытаннямі, не на ўсё з якіх мы на дадзены момант маем адказы, каб сістэматызаваць свае здагадкі і тэорыі.
Таму мы працягваем зьбіраць інфармацыю і аналізаваць яе. І прапануем пакуль што пазнаёміцца з нашымі рэфлексіямі адносна выкарыстаных у фільме мелодый у раздзеле “Музыка”. Там вы знойдзеце тэксты, выкладзеныя ў форме “пашпартоў” мелодый з тлумачэннямі, каментарамі і аўдыё-відэа-нотнымі прыкладамі.
Мы атрымалі дазвол на публікацыю архіўных адзінак і просім адчувальна ставіцца да нашай працы і гэтых матэрыялаў пры спампоўванні і выкарыстанні ў вашых мэтах. Калі ласка, спасылайцеся на наш сайт.
Паступова мы дададзім цікавостак пра наш саўндтрэк і больш распавядзём пра крос-культурны падыход да даследвання музычна-танцавальнай спадчыны.
